ХІ́МІКА-ТЭРМІ́ЧНАЯ АПРАЦО́ЎКА металаў,

адначасовае хім. і цеплавое ўздзеянне на вырабы гал. чынам з металаў і сплаваў. Прыводзіць да змены хім. саставу і структуры ў паверхневых слаях, зрэдку ва ўсім аб’ёме вырабу. Асн. від Х.-т.а. — азатаванне, аксідаванне, алітаванне, барыраванне, храміраванне, цынкаванне, цыянаванне, цэментацыя і інш. Найб. пашыраны цэментацыя і азатаванне.

Пры Х-т.а. выраб награваюць у хімічна актыўным асяроддзі некалькі гадзін пры т-ры, роўнай 0,5—0,8 т-ры плаўлення асн. кампаненту. У час вытрымкі паверхня вырабу абагачаецца хім. элементамі за кошт дыфузіі на глыбіню ад некалькіх мікраметраў да некалькіх міліметраў. Павышае даўгавечнасць дэталей машын і вырабаў (павялічвае іх цвёрдасць, зносаўстойлівасць, каразійную стойкасць і інш.).

т. 17, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)